Пошук

Сустрэча Папы з Рымскай курыяй Сустрэча Папы з Рымскай курыяй  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Кардынал Рэ: у Рымскай курыі ўсё больш свецкіх на адказных пасадах

У Рымскай курыі назіраецца значнае павелічэнне колькасці свецкіх вернікаў, у тым ліку жанчын, якія займаюць адказныя пасады, - нагадаў кардынал 90-гадовы Джавані Батыста Рэ.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дэкан Калегіі кардыналаў звярнуўся да Святога Айца на пачатку яго традыцыйнай перадкаляднай сустрэчы з Рымскай курыяй, якая адбылася 21 снежня 2024 года ў Ватыкане. Іерарх выказаў святочныя пажаданні Папу, падвёў кароткія вынікі года і падкрэсліў перспектывы, што адкрываюцца ў сувязі з набліжэннем Юбілею.

“Божае Нараджэнне сёлета мае асаблівае значэнне, бо ў Святую ноч будзе ўрачыста адкрыты Юбілейны 2025 год, які заклікае нас з надзеяй глядзець у будучыню”, - сказаў кардынал Рэ, выказваючы спадзяванне на тое, што Юбілей надзеі стане “знакам рэлігійнага абуджэння” ў свеце і дапаможа “мужна супрацьстаяць сур’ёзным і трывожным выклікам нашага часу”.

Іерарх падкрэсліў, што перад абліччам войнаў і “бесчалавечных злачынстваў”, якія адбываюцца сёння, Папа Францішак заклікае да міру, перамоў, прыняцця адказных рашэнняў, салідарнасці і дапамогі, ставячы ў цэнтры ўвагі тых, хто найбольш мае патрэбу: людзей, якія пакутуюць ад наступстваў трагедый вайны, незлічоных бедных, сірот, бяздомных і тых, хто мае патрэбу ва ўсім.

Дэкан Калегіі кардыналаў таксама нагадаў пра станоўчыя падзеі, што адбыліся ў Касцёле за мінулы год і былі скіраваны на падтрымку яго місіянерскага і сінадальнага характару. Асаблівую ўвагу іерарх звярнуў на кастрычніцкі Сінод Біскупаў і выданне энцыклікі Dilexit nos. Кардынал Рэ адзначыў, што Сінод паспрыяў большаму ўсведамленню апостальскай задачы свецкіх, што павінна прынесці карысць усяму Касцёлу.
 

21 снежня 2024, 11:50