Кардынал Піцабала наведаў хрысціянскую супольнасць Газы

Увесь свет з вамі, вы несяце святло Хрыста, - звярнуўся да хрысціян Газы Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, які ўзначаліў урачыстую Імшу ў парафіі Святой Сям'і ў Газе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

22 снежня 2024 года кардынал П’ербатыста Піцабала наведаў невялікую хрысціянскую супольнасць Газы, якой апекваецца ксёндз Габрыэль Раманелі. Іерарх уехаў у Газу праз кантрольна-прапускны пункт Эрэц у суправаджэнні ізраільскіх салдат.

Гэта быў доўгачаканы візіт Патрыярха Іерусалімскага да вернікаў, якія ўжо больш за 14 месяцаў знаходзяць прытулак у парафіі Святой Сям'і. Папярэдні візіт біскупа да сваёй супольнасці адбыўся 16 мая 2024 года.

Падчас урачыстай Імшы, якая святкавалася ў белым літургічным убранні, Патрыярх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі некалькім маладым людзям. У сваёй гаміліі ён адзначыў стойкасць хрысціян Газы: "Вы – святло нашага Касцёла, а Божае Нараджэнне – гэта свята святла", гэтае святло – Езус, які заўсёды тут, побач з вамі. Ніколі не забывайце гэтага".

"Мы ганарымся вамі, бо вы засталіся тымі, кім ёсць: хрысціянамі з Езусам", - звярнуўся да вернікаў кардынал Піцабала. “З вамі ўвесь свет, не толькі хрысціяне, і вы таксама можаце даць нешта свету, які глядзіць на вас: несці сваім прыкладам святло Хрыста", - дадаў ён.

Пасля візіту ў Газу, у калядны вечар 24 снежня 2024 года Патрыярх Іерусалімскі здзейсніць урачысты ўваход у Бэтлеем, дзе сустрэнецца з яшчэ адной супольнасцю, якая пакутуе ад вайны. Там, на радзіме Езуса, ён узначаліць урачыстую начную Імшу ў касцёле святой Кацярыны.

23 снежня 2024, 10:11