Папа: радасць – неад’емны плод Духа для абвяшчэння Евангелля

Евангелле нельга абвяшчаць з сумным тварам і змрочным выглядам, а толькі з радасцю таго, хто знайшоў схаваны скарб і каштоўную жамчужыну, - сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 27 лістапада 2024 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак нагадаў у сваёй катэхезе, што Святы Дух дзейнічае ў Касцёле не толькі праз асвячальную ласку і харызмы, але таксама праз свае плады, спіс якіх прыводзіць апостал Павел у Пасланні да Галатаў: “А плод Духа – любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць” (5,22).

Папа падкрэсліў, што “ў адрозненне ад харызмаў, якія Дух дае каму хоча і калі хоча для дабра Касцёла, плады Духа з’яўляюцца вынікам супрацоўніцтва паміж ласкай і нашай свабодай”. “Гэтыя плады заўсёды выяўляюць творчасць чалавека, у якім “вера дзейнічае праз любоў” (Гал 5,6), часам у дзіўны і радасны спосаб. Не ўсе ў Касцёле могуць быць апосталамі, прарокамі, евангелістамі; але ўсе без выключэння могуць і павінны быць міласэрнымі, цярплівымі, пакорлівымі, міратворцамі і гэтак далей”, - патлумачыў Пантыфік.

Радасць – плён сустрэчы з Хрыстом

Сярод пладоў Духа, пералічаных апосталам, Святы Айцец асаблівым чынам вылучыў радасць. Ён нагадаў словы з Апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium: “Радасць Евангелля напаўняе сэрца і ўсё жыццё тых, хто сустракаецца з Езусам, хто дазваляе Яму вызваліць сябе ад граху, смутку, унутранай пусткі ды адасобленасці. З Езусам Хрыстом заўсёды нараджаецца і адраджаецца радасць” (1).

Францішак заўважыў, што “радасць, плод Святога Духа, падобная на ўсякую іншую чалавечую радасць адчуваннем паўнаты і задавальнення, якое прымушае жадаць, каб яны трывалі вечна”. “Аднак мы ведаем з досведу, што так не бывае, бо ў зямным жыцці ўсё прамінае хутка: маладосць, здароўе, сіла, дабрабыт, сяброўства, каханне… Да таго ж, нават калі б гэтыя рэчы не праміналі так хутка, праз некаторы час іх становіцца недастаткова, ці яны нават пачынаюць надакучаць. Як казаў святы Аўгусцін, звяртаючыся да Бога: “Ты стварыў нас для сябе, Пане, і наша сэрца неспакойнае, пакуль не знойдзе спакою ў Табе”, - нагадаў Папа.

Радасць памнажаецца, калі дзелімся ёй з іншымі

“Радасць Евангелля, евангельская радасць, у адрозненне ад любой іншай радасці, можа абнаўляцца штодзённа і станавіцца “заразлівай”. “Толькі дзякуючы гэтаму (ці паўторнаму) спатканню з любоўю Бога, якое перамяняецца ў шчаслівае сяброўства, мы вызваляемся ад ізаляцыі нашага сумлення і замкнёнасці ў сабе [...] У гэтым — крыніца евангелізацыйнай дзейнасці. І калі хтосьці атрымаў гэтую любоў, якая вярнула яму сэнс жыцця, ці ж можа ён стрымаць жаданне падзяліцца ёю з іншымі? (Evangelii gaudium, 8). Вось падвойная рыса радасці як плоду Духа: яна не толькі не паддаецца непазбежнаму ўздзеянню часу, але і памнажаецца, калі дзялімся ёй з іншымі!”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Евангелізацыя павінна быць радаснай

Пантыфік звярнуўся да прыкладу святога Філіпа Нэры, які жыў у Рыме ў XVI стагоддзі і застаўся ў гісторыі як “святы радасці”. Папа нагадаў словы, якія гэты святы казаў бедным і пакінутым дзецям, аб якіх клапаціўся: “Будзьце радаснымі; я не хачу ні згрызот, ні смутку; мне дастаткова, каб вы не грашылі”. А яшчэ: “Паводзьце сябе добра, калі зможаце!”.

“Аднак менш вядомая крыніца яго радасці. Святы Філіпа Нэры меў такую вялікую любоў да Бога, што часам здавалася яго сэрца вось-вось выбухне ў грудзях. Яго радасць была, у самым поўным сэнсе, плодам Духа”, - сказаў Францішак, нагадваючы, што святы Філіпа Нэры быў сапраўдным евангелізатарам сваёй эпохі праз радасць і прабачэнне.

“Слова “Евангелле” азначае радасную навіну. Таму яго нельга абвяшчаць з сумным тварам і змрочным выглядам, а толькі з радасцю таго, хто знайшоў схаваны скарб і каштоўную жамчужыну. Давайце будзем памятаць заклік, які святы Павел скіраваў да вернікаў Касцёла ў Філіпах і які цяпер скіраваны да нас: “Радуйцеся заўсёды ў Пану. Яшчэ раз кажу: радуйцеся! Лагоднасць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям” (Флп 4,4-5)”, - завяршыў сваю катэхезу Святы Айцец.
 

27 лістапада 2024, 09:37

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >