Францішак: трэба заўважаць штодзённыя цуды ў жыцці

Напярэдадні ўрачыстасці Божага Нараджэння Папа, па традыцыі, прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане моладзь з руху Каталіцкая Акцыя. Сустрэча адбылася раніцай 20 снежня 2024 года ў Апостальскім палацы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Плыві на глыбіню” – гэты заклік Езуса, скіраваны да апостала Пятра, натхніў Святога Айца на разважанні пра два вобразы: лоўлю рыбы і здзіўленне. Ён нагадаў, што Езус заклікаў сваіх вучняў станавіцца “рыбакамі людзей”. Гэтая метафара не азначае, што трэба “лавіць” людзей “выкарыстоўваючы больш сучасныя сеткі”, але прыцягваць іх да Бога, дзяліцца з імі любоўю і радасцю.

“Бог не хоча “лавіць” нікога, бо паважае нашу свабоду. Замест гэтага Ён дорыць усім сваю любоў і сваё збаўленне, не чакаючы нічога наўзамен і не выключаючы нікога. Ён дзеліцца з намі сваёй радасцю быцця ўмілаваным Сынам Айца”, - падкрэсліў Папа, дадаючы, што менавіта радасць і захапленне любоўю Хрыста з’яўляюцца сапраўдным спосабам прыцягнуць людзей да Бога.

Другім важным аспектам, на які звярнуў увагу Папа, была здольнасць здзіўляцца. Пантыфік нагадаў, што Божае Нараджэнне – гэта асаблівы час для здзіўлення, бо яго выклікаюць яркія агеньчыкі, падарункі, спевы і яслі. Але здзіўленне павінна быць не толькі калядным. Францішак заклікаў моладзь бачыць штодзённыя цуды ў жыцці: ва ўнікальнасці кожнага чалавека і асаблівым значэнні кожнага дня.

“Кожны з нас – унікальны, і кожны дзень – асаблівы, як падабалася казаць благаслаўлёнаму Карлу Акуцісу. Вы яго ведаеце, праўда? Ён казаў: мы павінны быць “арыгінальнымі”, а не “фотакопіямі”!”, - нагадаў Святы Айцец.

Звяртаючыся да прысутных, Папа падзякаваў за іх жэсты дабрыні і падтрымкі для тых, хто мае патрэбу, асабліва дзяцей, якія пакутуюць ад голаду, вайны і хвароб. Ён падкрэсліў, што такія ўчынкі робяць іх рэхам анёльскага паслання: “Хвала на вышынях Богу, і на зямлі супакой людзям добрай волі”.
 

20 снежня 2024, 09:11