Святы Айцец правёў перадкалядную сустрэчу з дзецьмі

Святы Айцец працягнуў традыцыю перадкалядных сустрэч з супрацоўнікамі і падапечнымі Дыспансэра святой Марты – ватыканскага педыятрычнага медпункта для дзяцей з бедных сем’яў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Раніцай 22 снежня 2024 года Францішак прыняў у сваёй рэзідэнцыі каля 150 сем'яў. Дзеці павіншавалі яго з надыходзячымі Калядамі і Днём нараджэння, які Святы Айцец адзначыў некалькі тыдняў таму. Маленькія госці праспявалі Пантыфіку спеў, паказалі сцэнку і падарылі падарункі, у тым ліку торт, на якім ён задуў свечку.

Затым святкаванне працягнулася ў ватыканскай Зале Паўла VI, дзе для дзяцей была падрыхтавана забаўляльная праграма і калядныя падарункі.

Дыспансэру святой Марты 102 гады. Ён быў заснаваны ў Ватыкане 8 мая 1922 года дзякуючы намаганням Пія XI. Тут працуе персанал ватыканскай педыятрычнай бальніцы Bambino Gesù і іншых цэнтраў аховы здароўя. Структурай апякуюцца сёстры міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля.
 

22 снежня 2024, 12:50