Папа да пілігрымаў: вяртайцеся дадому апосталамі
Марыя Валодзіна - Vatican News
19 снежня 2024 Францішак сустрэўся ў ватыканскай базіліцы з групай італьянскіх удзельнікаў пілігрымкі па Шляху святога Якуба, а таксама з духоўнымі асобамі, якія суправаджаюць іх: арцыбіскупам Сант'яга-дэ-Кампастэла, генеральным настаяцелем ордэна Служыцеляў міласэрнасці (гванелянаў), кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і свецкімі вернікамі. Папа таксама прывітаў членаў Брацтва святога Якуба з Перуджы, чыё служэнне звязана з евангелізацыяй.
Святы Айцец заўважыў, што за апошнія трыццаць гадоў колькасць пілігрымаў у Сант'яга-дэ-Кампастэла вырасла. Сярод гэтых пілігрымаў былі і папярэднікі Францішка, святы Ян Павел II і Бэнэдыкт XVI. Іх наведванне падкрэсліла вялікае значэнне санктуарыя ў хрысціянскай гісторыі Еўропы.
На думку Пантыфіка, колькасны рост – вельмі пазітыўная з’ява, але разам з тым узнікае важнае пытанне: ці здзяйсняюць людзі, якія ідуць у Сант'яга-дэ-Кампастэла, сапраўдную хрысціянскую пілігрымку? Ці гэта нешта яшчэ? Папа заклікаў гасцей задумацца над гэтым пытаннем.
На думку Францішка, хрысціянскае паломніцтва да магіл апосталаў можна распазнаць па трох знаках. Першы з іх – цішыня. Цішыня падчас пілігрымкі дазваляе слухаць сэрцам і знаходзіць адказы на самыя глыбокія пытанні. “Бог прамаўляе ў цішыні” (пар. 1 Вал 19, 9-13), - нагадаў Папа.
У кожнага пілігрыма ў кішэні заўсёды павінна быць Евангелле. Падчас пілігрымкі ён перачытвае шлях, які здзейсніў Хрыстус, калі прынёс у дар сваё жыццё, навучыўшы нас служэнню бліжняму. Чытанне Евангелля дапамагае Святому Духу весці нас па гэтаму шляху.
Трэці элемент пілігрымкі Папа назваў пратаколам святога Мацвея, 25. Гэты прынцып грунтуецца на евангельскіх словах "Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” . Гэта значыць, што ў пілігрымцы трэба быць уважлівым да іншых, асабліва да тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, хто стаміўся ці ўпаў.
Папа заклікаў гасцей працягваць апостальскае служэнне, евангелізаваць і клапаціцца аб іншых. “Старажытныя пілігрымы вучаць нас, што з хрысціянскіх пілігрымак мы вяртаемся дадому апосталамі! Я іду ў пілігрымку і вяртаюся апосталам, каб абвяшчаць Езуса. Няхай Найсвяцейшая Сям’я з Назарэта, якая пілігрымавала па палесцінскай зямлі, будзе для нас прыкладам у гэты час чакання”, - завяршыў сваю прамову Францішак, павіншаваўшы пілігрымаў са святам Божага Нараджэння.