Святы Айцец нагадаў пра важнасць спорту, які аб’ядноўвае людзей

20 снежня 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане прадстаўнікоў Італьянскай федэрацыі бочэ – спартыўнай гульні з шарамі, папулярнай у Італіі, Францыі і некаторых краінах Амерыкі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа прызнаўся, што бочэ яму падабаецца па дзвюх прычынах: па-першае, таму што належыць да “бедных” гульняў у параўнанні з папулярнымі відамі спорту з мільярднымі кантрактамі і зорнымі спартсменамі, якія запаўняюць медыйную прастору.

Пантыфік заўважыў, што чэмпіёнамі ў бочэ з’яўляюцца звычайныя людзі: настаўнікі, рабочыя, службоўцы. Гэта гульня, хоць і знаходзіцца “крыху па-за модай”, але “вельмі багатая чалавечнасцю”, - дадаў Святы Айцец.

Другая прычына, па якой Францішку падабаецца бочэ, заключаецца ў тым, што гэта гульня ўвасабляе традыцыі сацыяльнага ўзаемадзеяння і сяброўства. Ён нагадаў, што некалі яна была вельмі распаўсюджанай у сельскай мясцовасці і парафіях. Для многіх людзей гэта была магчымасць правесці час разам у здаровай і вясёлай атмасферы.

Святы Айцец заўважыў, што сучаснае грамадства і спорт змяніліся. Сёння бочэ займаюцца таксама жанчыны, моладзь і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Францішак выказаў удзячнасць і падтрымку федэрацыі за намаганні, накіраваныя на тое, каб зрабіць спорт даступным для ўсіх і прасоўваць прынцыпы інклюзіўнасці і роўнасці.

Пантыфік таксама падзякаваў Італьянскай федэрацыі бочэ за тое, што яна захоўвае гэтую спартыўную дысцыпліну як альтэрнатыву глабальнаму камерцыялізаванаму спорту. Бочэ, па словах Папы, застаецца тым, што злучае спаборніцкі дух і добрае сяброўства.
 

20 снежня 2024, 11:47