Пантыфік: праслаўляць Бога за цуд кожнага жыцця

Няхай Марыя, благаслаўлёная паміж усімі жанчынамі, дапаможа нам адчуць захапленне і ўдзячнасць перад таямніцай жыцця, што нараджаецца, - заклікаў Папа 22 снежня 2024 года перад нядзельнай малітвай “Анёл Панскі”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

З-за халоднага надвор’я ў Рыме і лёгкай прастуды Святы Айцец звярнуўся да вернікаў не з акна Апостальскага палаца, як звычайна, а з капліцы Дома святой Марты – сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

Каментуючы літургічны евангельскі ўрывак на апошнюю нядзелю Адвэнту, Папа нагадаў, што пасля Звеставання Панна Марыя наведала сваю сваячку Альжбету, якая таксама чакала дзіця. Гэта была сустрэча дзвюх жанчын, напоўненых радасцю з прычыны дару асаблівага мацярынства: Марыя нядаўна зачала Езуса, Збаўцу свету, а Альжбета, нягледзячы на пажылы ўзрост, насіла ва ўлонні Яна, які падрыхтуе дарогу Месіі.

Папа адзначыў, што мы можам адчуваць сябе далёкімі ад гераінь такіх вялікіх цудаў, бо яны не здараюцца ў штодзённым жыцці. Але пасланне, якое нясе гэты евангельскі ўрывак перад Божым Нараджэннем, іншае.

“Сузіранне цудоўных знакаў збаўчай дзейнасці Бога не павінна аддаляць нас ад Яго, а наадварот – дапамагаць распазнаваць Яго прысутнасць і любоў у нашым жыцці. Напрыклад, у дары кожнага жыцця, кожнага дзіцяці, што носіць ва ўлонні яго маці”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў увагу на прысутнасць на Плошчы Святога Пятра многіх маці з дзецьмі, а таксама тых, хто знаходзіцца ў стане “шчаслівага чакання”. “Давайце не будзем абыякавымі да іх прысутнасці. Навучымся захапляцца іх прыгажосцю і, як зрабілі Альжбета і Марыя, благаслаўляць маці і праслаўляць Бога за цуд жыцця!”, - заклікаў ён.

“Браты і сёстры, у гэтыя дні мы ствараем святочную атмасферу з дапамогай агеньчыкаў, упрыгожванняў і каляднай музыкі. Але не забывайце выражаць радасць кожнага разу, калі сустракаеце маці, якая нясе на руках або ва ўлонні сваё дзіця. Маліцеся ў сваіх сэрцах і кажыце, як Альжбета: “Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго”. Спявайце, як Марыя: “Велічае душа мая Пана”, - заклікаў Папа.

Пантыфік таксама заўважыў, што пасля марыйнай малітвы ён благаславіць фігуркі Дзіцятка Езуса, якія дзеці прынеслі на плошчу, каб потым пакласці іх у свае хатнія калядныя яслі. Ён прапанаваў задумацца: “Ці дзякую я Пану за тое, што Ён стаў чалавекам, каб раздзяліць з намі наша жыццё? Ці благаслаўляю Яго ў кожным дзіцяці, што нараджаецца? Ці падтрымліваю і абараняю каштоўнасць жыцця ад моманту зачацця?”

“Няхай Марыя, благаслаўлёная паміж усімі жанчынамі, навучыць нас адчуваць захапленне і ўдзячнасць перад таямніцай жыцця, што нараджаецца,” - завяршыў сваё разважанне Святы Айцец.
 

22 снежня 2024, 12:32

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >