Разбураны храм святога Іллі ў горадзе Эль-Кусейр, правінцыя Хомс, Сірыя Разбураны храм святога Іллі ў горадзе Эль-Кусейр, правінцыя Хомс, Сірыя  (AFP or licensors)

Сірыйскія хрысціяне рыхтуюцца да Раства з надзеяй і трывогай

Новыя ўлады Сірыі заклікалі жыхароў святкаваць Божае Нараджэнне. Хрысціяне краіны сустракаюць гэтую навіну са стрыманым аптымізмам і асцярожнасцю.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Касцёлы ў Алепа пачалі ўпрыгожваць да свята, а хрысціянскія школы аднавілі працу. Нядзельныя набажэнствы праводзяцца ў звычайным парадку. "Пасля ўсіх пакут і выпрабаванняў нам вельмі цяжка проста так даверыцца новым уладам", - паведамляе мясцовая крыніца аўстрыйскай Kathpress.

Сітуацыя ў горадзе паступова паляпшаецца. Бальніцы працуюць у поўным аб'ёме, а цэны на тавары, пасля першапачатковага росту, стабілізаваліся. Імпартныя тавары, асабліва з Турцыі, часта каштуюць танней за мясцовую прадукцыю. "Калі новая канстытуцыя будзе заснавана на законах шарыяту, хрысціяне, несумненна, будуць вымушаны пакінуць краіну з прычыны абмежавання асабістых свабод", - адзначае ананімная крыніца.

Міжнародная каталіцкая дабрачынная арганізацыя Касцёл у патрэбе паведамляе, што пакуль не назіраецца сістэматычнага пераследу ці дыскрымінацыі хрысціянскай меншасці, хоць ёсць паведамленні пра асобныя агрэсіўныя інцыдэнты. У горадзе Хомс сітуацыя таксама стабілізавалася, і каталіцкія школы аднавілі сваю працу.

Для забеспячэння правоў меншасцей, уключаючы хрысціян, вельмі важная міжнародная ўвага і падтрымка, якія могуць дапамагчы ў стварэнні грамадзянскай канстытуцыі.
 

19 снежня 2024, 10:44