Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Юбілей 2025 года: надзея для ўсіх, нават за кратамі

Часта тыя, хто трапіў за краты, апынуліся там таму, што ніколі не зведалі пяшчоты або не мелі надзеі, - лічыць Сара Брунэці, загадчыца пэнітэнцыярнай паліцыі турмы Рэбібія, у якой 26 снежня 2024 года Папа адкрые Святую Браму.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Мы вельмі ўдзячныя Святому Айцу за яго няспынную ўвагу і за тое, што ён заўсёды ставіць пэнітэнцыярны свет у цэнтр міласэрнасці; дзякуючы яму мы адчуваем сябе ўключанымі ў гэты праект надзеі, вельмі важным момантам для якога стане бліжэйшы Юбілей”, - сказала Брунэці ў каментары для Vatican News.

Тэма Юбілею 2025 года – Пілігрымы надзеі. Яна сугучная з дэвізам італьянскай пэнітэнцыярнай паліцыі: Despondere spem est munus nostrum – Гарантаваць надзею – гэта наша заданне.

“Часта тыя, хто трапіў за краты, апынуліся там таму, што ніколі не зведалі пяшчоты або не мелі надзеі. Наша задача – даваць надзею таксама і грамадству, вяртаючы яму новых, рэабілітаваных людзей; надзея – гэта паняцце, якое датычыць будучыні, але будуецца ўжо цяпер”, - сказала Брунэці.

Нябесным заступнікам італьянскай пэнітэнцыяльнай службы з’яўляецца святы Базылід – рымскі салдат, які выконваў абавязкі турэмнага ахоўніка. Падчас ганенняў у эпоху Септымія Севера яму было даручана весці на месца смяротнага пакарання маладую хрысціянку, святую Патамэну. Базылід абараняў яе ад знявагаў натоўпу, за што Патамэна паабяцала маліцца за яго з неба. Праз некалькі дзён, уражаны сведчаннем хрысціянскай мучаніцы, салдат адмовіўся складаць прысягу перад язычніцкімі ідаламі і абвясціў сябе вызнаўцам Хрыста. Падчас судовага працэсу яго трымалі ў вязніцы, дзе ён прыняў сакрамэнт хросту, а затым пакаралі адсячэннем галавы. Памяць гэтага мужнага вайскоўца ўшаноўваецца ў Касцёле 30 чэрвеня.

На гербе пэнітэнцыярнай паліцыі Італіі змешчаны выявы трох языкоў полымя. “Гэта полымя надзеі і міласэрнасці, якое распавальваецца нашым штодзённым служэннем”, - сказала Сара Брунэці.
 

19 снежня 2024, 11:46